Creation Science Information & Links!
Псалтыр 1, 51, 100 & 150
Psalms 1 • 51 • 100 • 150 - in Belarus (Беларуская‎)
Псалтыр 1

Псальма Давідава. Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў;   а ў законе Гасподнім воля ягоная, і пра закон Ягоны ўдзень і ўначы разважае!   І будзе ён, быццам дрэва, над плынямі водаў пасаджанае, што родзіць свой плод у свой час, і ліст у якога ня жухне; і ва ўсім, што ён учыняе, пашчасьціць яму.   Ня так у бязбожнікаў; яны — быццам пыл, ветрам падняты.   Таму ня ўстояць бязбожнікі на Божым судзе, а грэшнікі — на сходзе праведных.   Бо дарогу праведных ведае Гасподзь, а дарога бязбожнікаў прападзе!
 

Псалтыр 51

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,   калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.   Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!   Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:   бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.   Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.   Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.   Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.   Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.   Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.   Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.   Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.   Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.   Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.   Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.   Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.   Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:   бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.   Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.   Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.   Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.
 

Псалтыр 100

Усе людзі хай славяць Бога Псальма. Усклікніце Госпаду, уся зямля!   Служэце Госпаду з радасьцю; ідзеце прад абліччам Ягоным з пахвалою!   Ведайце, што Гасподзь ёсьць Бог, што Ён стварыў нас, і мы — Ягоныя, Ягоны народ і авечкі паствы Ягонай.   Уваходзьце ў браму Ягоную з праслаўленьнем, у двары Ягоныя — з пахвалою. Слаўце Яго, дабраслаўляйце імя Ягонае.   Бо добры Гасподзь: міласьць Ягоная навечна, і праўда Ягоная з роду ў род.
 

Псалтыр 150

Алілуя. Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.   Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.   Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,   бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.   Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.   Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,   каб помсьціць народам, караць плямёны,   закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх — у путы жалезныя,   чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты — усім сьвятым Ягоным. Алілуя.


Psalms 1 • 51 • 100 • 150
http://www.creationism.org/belarus/saPs1_51_100_be.htm

Галоўная:  Belarusian
www.creationism.org